«СВЕТ МАСТА́ЦТВА»,
расійскае маст. аб’яднанне, якое сфарміравалася пад эгідай час. «Мир искусства». Існавала ў 1898—1904 і ў 1910—24. Узнікла на аснове гуртка маладых мастакоў і аматараў на чале з А.Бенуа і С.Дзягілевым з мэтай аб’яднання прадстаўнікоў новага пакалення «і як аб’яднанае цэлае заняць месца ў еўрап. мастацтве». Заснавальнікі — Г.Астравумава-Лебедзева, Л.Бакст, І.Білібін, М.Дабужынскі, А.Галавін, І.Грабар, К.Каровін, Б.Кустодзіеў, М.Рэрых (старшыня), Я.Лансерэ, К.Сомаў, В.Сяроў і інш. Праграма «С.м.» мела неарамант. характар і была звязана з сімвалізмам і мадэрнам. Чл. аб’яднання не прымалі акадэмізм, творчасць перасоўнікаў, звярталіся да шырокага кола сфер сучаснага мастацтва (інтэр’ер, тэатр, эстамп, кніга і інш.); выступалі з крытыкай эстэтыкі рус. рэв. дэмакратаў і канцэпцыі У.Стасава. Агульнымі для твораў членаў «С.м.» былі вытанчаны дэкаратывізм, лінеарнасць, якая часам пераходзіла ў арнаментыку, тонкае спалучэнне матавых тонаў. Аб’яднанне наладжвала калектыўныя выстаўкі ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве (1912), а таксама арганізавала персанальную выстаўку М.Чурлёніса (1911—12). Мастакі «С.м.» асобнымі экспазіцыямі былі прадстаўлены на міжнар. выстаўцы ў Рыме (1911), з’яўляліся арганізатарамі спектакляў «Рускіх сезонаў» Дзягілева (Парыж, Лондан). У 1904—10 большасць майстроў «С.м.» ўваходзіла ў Саюз рус. мастакоў.
І.М.Скварцова.
т. 14, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)